1 чэрвеня па сацыяльных сетках разьляцеліся відэа, як квадракоптэры, начыненыя выбухоўкай, узьляталі з грузавых фураў на тле пажараў. Гэта была апэрацыя ўкраінскай Службы бясьпекі, якая нанесла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў.
Тыя відэа цяпер, без сумневу, вывучаюцца ў шмат якіх ваенных штабах.
«Гэты напад мусіць стаць сыгналам для ўсіх армій сьвету», – сказала Стэйсі Пэтыджон (Stacie Pettyjohn), дырэктарка Праграмы абароны ў Цэнтры новай амэрыканскай бясьпекі, у інтэрвію Радыё Свабода.
«У пэўным сэнсе, напад 1 чэрвеня быў больш эфэктыўны, чым атакі з дапамогаю ўкраінскіх дронаў далёкага дзеяньня, бо малыя дроны могуць расьсейвацца, накіроўвацца да розных цэляў і дакладна патрапляць у шмат аб’ектаў на вялікай тэрыторыі авіябазы», – адзначыла экспэртка ў галіне бесьпілётнай зброі.
«Ключавым элемэнтам гэтай атакі было таемнае пранікненьне і дзеяньні ў непасрэднай блізкасьці да авіябазаў, якія, імаверна, ахоўваліся слабей, бо ніхто не дапускаў магчымасьці такога глыбокага ўдару з боку Украіны», – дадала яна.
Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
Радыёкіраваныя квадракоптэры часта страчваюць сыгнал побач з цэльлю. Але відэа з аднаго з дронаў падчас атакі паказвае бесьперабойную перадачу відэа – тыповую для дронаў з кабэльным кіраваньнем. Такія дроны абмежаваныя даўжынёю кабэлю (падобнага да рыбацкай лёскі), але калі грузавікі зь якіх яны ўзьляталі, разьмяшчаліся за некалькі кілямэтраў ад базы, яны пераадолелі гэтае абмежаваньне, і вынік быў разбуральным.
Кіеў заявіў, што было зьнішчана каля 41 самалёта. Адзін з пракрамлёўскіх блогераў ацаніў страты ў дзесяць самалётаў.
Майкл Бойл, дацэнт Ратгерскага ўнівэрсытэту і аўтар кнігі пра дронавыя войны, адзначае: «Існуе шмат антыдронавых тэхналёгіяў, але яны малаэфэктыўныя супраць дронаў з замкнёным цыклям на валаконным кабэлі. Войскам давядзецца пераасэнсаваць свае стратэгіі супраць UAS (бесьпілётных сыстэмаў), каб супрацьстаяць гэтаму тыпу дронаў, нават калі такія атакі, як мы пабачылі ў Расеі, будуць рэдкімі і цяжкімі для паўтору».
Вайсковыя авіябазы звычайна маюць шматузроўневую сыстэму абароны: радары, ракетныя комплексы і генэратары радыёперашкод супраць дронаў. Але напад 1 чэрвеня зрабіў амаль усе гэтыя абароны неэфэктыўнымі. З прычыны кароткай адлегласьці палёту пра дроны не маглі папярэдзіць радыёлякатары далёкага радыюсу. Іх «рой», магчыма, пераадолеў нават сыстэмы супрацьракетнай абароны, здольныя зьбіваць малыя аб’екты. На відэа 1 чэрвеня чуваць страляніну – відаць, расейскія вайскоўцы спрабавалі зьбіваць дроны з аўтаматаў.
Палкоўнік Маркус Райсьнэр, кіраўнік досьледнай часткі Аўстрыйскай вайсковай акадэміі, сказаў Радыё Свабода, што гэтая атака «дае ўяўленьне пра будучыню вайны».
Паводле яго, ад пачатку вайны Масква ўжывала супраць Украіны бамбавікі вялікай далёкасьці Ту-22, Ту-160 і Ту-95. Яны запускаюць крылатыя ракеты зь бясьпечнай адлегласьці, па-за межамі дасягальнасьці ўкраінскай СПА. Таму Украіна неаднаразова спрабавала зьнішчаць гэтыя бамбавікі.
У залежнасьці ад таго, якая ацэнка колькасьці зьнішчаных самалётаў будзе дакладнай, Райсьнэр мяркуе, што гэтая апэрацыя «можа значна зьменшыць інтэнсіўнасьць расейскіх авіяўдараў па Украіне».
На тле аднаўленьня мірных перамоваў у Стамбуле, расейскі аналітык Натальля Шаўшукова сказала тэлеканалу «Настоящее Время», што дронавая атака 1 чэрвеня «пасьлядоўна ўзмацняе пазыцыі Украіны на перамовах».
Яна дадала: «У мінулы раз Крэмль дэманстраваў сваю моц, даючы зразумець, што ня мае намеру спыняць бамбаваньні ўкраінскіх гарадоў, нягледзячы на заклікі да перамір’я. Цяпер жа Украіна паказала сваю сілу і здольнасьць праводзіць найскладанейшыя апэрацыі ў глыбокім тыле ворага, нягледзячы на ўсе цяжкасьці».