Расеец з падробленым пашпартам спрабаваў вывезьці ў ААЭ празь Беларусь выкрадзеную дачку

Менскі аэрапорт, ілюстрацыйнае фота

У нацыянальным аэрапорце «Менск» у ноч на 22 траўня пры афармленні рэйсу ў Дубай (ААЭ) памежнікі затрымалі мужчыну і дзяўчынку з часткова падробленымі пашпартамі грамадзян Расеі — у дакумэнтах былі замененыя старонкі з асабовымі зьвесткамі.

Пра гэта паведаміла 27 траўня прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Высьветлілася, што Міністэрства ўнутраных справаў Расеі аб’явіла міждзяржаўны вышук гэтага мужчыны — за забойства. Яго таксама пазбавілі бацькоўскіх правоў, ён ня мог жыць зь дзіцем на законных падставах.

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, расеец выкраў дзяўчынку ў маці і хаваўся зь ёю пяць гадоў.

Затрыманага зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, вырашаецца пытаньне аб завядзеньні на яго крымінальнай справы.

За спробу незаконна перасекчы мяжы яму пагражае штраф да 100 базавых велічыняў (4.200 рублёў), за выкарыстаньне падробленых дакумэнтаў — абмежаванне волі да 2 гадоў.

Дзяўчынку перадалі супрацоўнікам крымінальнага вышуку ГУУС Менскага гарвыканкаму для вяртаньня маці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Босьніі і Герцагавіне затрымалі расейца, які мог быць інструктарам беспарадкаў у Малдове