MARA пасярод пустыні. Беларусы ўпершыню рыхтуюць свой лягер на фэстывалі Burning Man, расказваем падрабязнасьці

Завяршэньне фэстывалю Burning Man у верасьні 2017 году

Каманда беларусаў з 35 чалавек абяцае прадставіць Беларусь на адным з самых вядомых у сьвеце фэстываляў альтэрнатыўнай сучаснай культуры. Гэты фэстываль штогод праходзіць на захадзе ЗША, сёлета ён пачнецца ў другой палове жніўня. Пагаварылі з адным з арганізатараў беларускага лягеру на ім.

Валер Астрынскі — прадпрымальнік. Разьвіваў сацыяльныя бізнэс-праекты ў Беларусі, займаўся інвэстыцыямі і мэнтарствам. Зараз уладкоўвае ўласны бізнэс у Польшчы, займаецца будаўніцтвам мабільных дамоў.

«Я на „Бёрне“ першы раз пабываў у 2018 годзе, пасьля ў 2019-м езьдзіў зь сябрамі, — расказвае ў размове з Свабодай Валер. — Мы там удзельнічалі ў падрыхтоўцы кэмпу (лягеру. — РС) „Айсбэрг“. І ў выніку я загарэўся гэтай утопіяй. Калі на два тыдні можна паглыбіцца ў экстрэмальнае самавызначэньне. Пачаў зьбіраць людзей, шукаць беларусаў, якія былі на фэстывалі. Яшчэ ў Менску пачыналі, апавядалі людзям».

У 2020 годзе ў Менску Валер Астрынскі рыхтаваў вечарыну ў стылі фэстывалю Burning Man, тады на яе прыйшлі каля ста чалавек. Ён кажа, што пачаў зьбіраць вакол сябе зацікаўленых людзей. Пасьля жніўня 2020 году яны трапілі ў розныя краіны. Нехта ў ЗША, нехта жыве на Кіпры ці ў Польшчы, яшчэ нехта застаўся ў Беларусі.

Burning Man, верасень 2017

«Беларусы, вядома, езьдзілі на Burning Мan, — працягвае Валер. — Але там ніколі не было менавіта беларускага кэмпу. Украінцы, напрыклад, робяць „Куренівку“. Іншыя кэмпы паводле нацыянальнай прыкметы робяць людзі, якія нешта хочуць пра сябе паказаць усёй супольнасьці фэстывалю. Нешта такое выключнае, з сваёй адметнай рысай».

Burning Man, верасень 2017

З словаў Валера, асноўная беларуская каманда сёлетняга фэстывалю сабралася на Кіпры. Ён змог далучыцца пасьля пераезду ў Польшчу. Свой кэмп удзельнікі назвалі MARA, у каманду ўвайшлі 35 чалавек. Арганізатары фэстывалю далі беларусам пляцоўку 30 на 30 мэтраў. Беларускі лягер будзе аздоблены вобразамі, запазычанымі з нацыянальнай выцінанкі, над імі працаваў Аляксандар Васілевіч.

Супольнасьць радыкальнага самавыяўленьня

Burning Мan праходзіць штогод у пустэльні Блэк Рок на тэрыторыі штату Нэвада. Дзея працягваецца каля двух тыдняў, арганізатары называюць Burning Мan не фэстывалем, а экспэрымэнтам у стварэньні супольнасьці радыкальнага самавыяўленьня. Колькасьць яго ўдзельнікаў даходзіць да 100 тысяч чалавек. Вялізная тэрыторыя пустэльні дзеліцца на невялікія сэктары, у кожным зь якіх суполкі аднадумцаў ствараюць свае кэмпы — месцы самавыяўленьня ў самай разнастайнай форме. Кульмінацыя фэстывалю — спальваньне вялікай драўлянай фігуры чалавека ў самым цэнтры вялізнага лягеру.

Агульны выгляд месца правядзеньня Burning Man у пустыні Блэк Рок, Нэвада, ЗША

Кожны з удзельнікаў фэстывалю сам адказны за сваё забесьпячэньне — ежу, ваду і адыходы. На Burning Мan выключаны гвалт, імпрэза некамэрцыйная. Арганізатары вельмі адказна ставяцца да экалёгіі. Пасьля кожнага фэстывалю ўсю тэрыторыю правяраюць на наяўнасьць сьмецьця. Парушальнікам могуць забараніць удзел у наступныя гады.

Фэстываль Burning Man, верасень 2017

Аднымі з асноўных элемэнтаў беларускага кэмпу на сёлетнім Burning Man будуць лазьня і амэрыканскі школьны аўтобус, пераабсталяваны ў кавярню з дранікамі. З словаў Валера Астрынскага, гэтак жадаюць зьдзівіць іншых удзельнікаў.

«У пустэльні хочацца нешта незвычайнае зрабіць, — кажа суразмоўца. — У 2019 годзе, калі мы былі там, то рабілі кэмп з марозівам. Паставілі шапік з марозівам, прывезьлі розныя смакі, раздавалі людзям. Цікава, незвычайна. Усім спадабалася. Лазьня — гэта таксама дэфіцытны рэсурс у пустэльні, яго няпроста рэалізаваць. Людзі жывуць у намётах, ёсьць патрэба прымаць водныя працэдуры».

«Паказаць Беларусь у эмацыйных рэчах»

Лазьню ў амэрыканскую Нэваду беларусы павязуць з Варшавы. Там жыве адзін з удзельнікаў каманды MARA, які мае бізнэс — стварае мабільныя лазьні-рэтрыты. З словаў арганізатараў беларускага кэмпу, яна будзе не звычайнай клясычнай драўлянай лазняй, а зьдзівіць сваім выглядам.

Праект беларускага кэмпу MARA

«Пра дранікі ў нас узьніклі дэбаты, — расказвае Валер. — Частка народу за сапраўдны досьвед — каб гэта была бульба, каб мы на тарцы яе дзерлі. Каб кожны чалавек, які хоча дранікаў, таксама драў гэтую бульбу для наступных удзельнікаў, каб зрабіў свой унёсак. Іншая думка — купіць гатовыя паўфабрыкаты, прывезьці іх у лядоўні і частаваць усіх, хто пажадае. У пустэльні, вядома, мыць бульбу, дзерці, гатаваць — гэта будзе надзвычай складана. Абмяркоўваем гэта, канцэпт распрацоўваецца. Хлопцы і дзяўчаты зараз тэстуюць варыянты — і з мукой, і без мукі».

Праект беларускага кэмпу MARA

З словаў Валера, дранікі на беларускім кэмпе MARA будуць гатаваць у своеасаблівым арт-кары — старым амэрыканскім школьным аўтобусе. Яго ўжо набылі і зьбіраюцца перафарбоўваць. Ёсьць ідэя зрабіць кавярню з дранікамі перасоўнай, каб аўтобус мог езьдзіць па прасторы ўсяго фэстывалю. Але гэта вымагае дадатковых высілкаў і рэсурсаў.

«На Burning Man няма нікога, хто нешта робіць за грошы, усё будзе на валянтэрстве, — гаворыць Валер Астрынскі. — Мы лічым, што гэта будзе цікава. Будзем апавядаць пра Беларусь на сваім кэмпе. У мяне зараз ідэя ўзьнікла знайсьці некага, хто робіць гарбату зь зёлак у Беларусі. Таксама будзем яе там прапаноўваць, калі хтосьці знойдзецца. Музыка будзе беларуская. Мы б хацелі ўсёй супольнасьці фэстывалю Burning Man, людзям з усяго сьвету паказаць, што ёсьць такая Беларусь, у нашых эмацыянальных рэчах».

Праект беларускага кэмпу MARA

Усе сродкі на арганізацыю беларускага кэмпу зьбіраюць самі ўдзельнікі, кажа Валер. Беларускі лягер гэтая каманда рыхтуе там упершыню, таму арганізатарам MARA пакуль далі мінімальную пляцоўку — 30 на 30 мэтраў. Гэта абмежавала магчымасьць павялічыць каманду. Калі ўсё пройдзе добра, пасьля беларусаў на месцы фэстывалю не застанецца сьмецьця і ня будзе ніякіх праблемаў, то налета беларускі кэмп ужо можа займець большую плошчу.

«Тады ўжо можна будзе больш людзей да сябе прывесьці, больш рабіць, уключыць туды іншыя маленькія кэмпы зь іншымі кірункамі, — гаворыць Валер. — Як у тых жа ўкраінцаў у „Куренівці“.

Фэстываль Burning Man, верасень 2027

Фэстываль Burning Man сёлета пачнецца ў другой палове жніўня і скончыцца традыцыйным вогнішчам 1 верасьня.