Беларускі памежны камітэт заявіў, што Польшча не прымала аўтобусы зь Берасьця. Што было прычынай

Аўтобус на мяжы Беларусі і Польшчы ў Берасьці, архіўнае фота

Паміж Беларусьсю і Польшчай дзейнічае адзіны пераход для легкавых машын і аўтобусаў — у Берасьці.

Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, польскі бок прыпыніў пропуск аўтобусаў праз пункт пропуску «Тарэспаль» (зь беларускага боку — «Берасьце»), з 10.00 польскія кантрольныя службы спынілі запуск аўтобусаў на сваю тэрыторыю.

Таксама зь вечара 4 чэрвеня назіраюцца перабоі ў прыёме легкавых аўтамабіляў.

На гэты момант больш за тры гадзіны выезду ў Польшчу чакаюць чатыры аўтобусы, аформленыя беларускім бокам. Агулам у чарзе на выезд зь Беларусі ў Польшчу стаяць 1 555 легкавых аўтамабіляў і 55 аўтобусаў.

Грамадзянам рэкамэндуюць улічваць гэта пры плянаваньні паездак і сачыць за абстаноўкай у пунктах пропуску онлайн на інфармацыйным партале Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Журналіст Reform.news датэлефанаваўся прэс-сакратару Надбужанскага аддзела Польскай службы аховы мяжы маёру Дарыюшу Сяніцкаму. Польскі афіцэр адмовіўся камэнтаваць інфармацыю, агучаную ДПК Беларусі, але паведаміў, што пункт пропуску «Тарэспаль» працуе ў звычайным рэжыме.

«Мы не камэнтуем інфармацыю, агучаную дзяржаўнай памежнай службай Беларусі. Пункт пропуску «Тарэспаль» працуе ў звычайным рэжыме. Адбываецца спакойны пропуск людзей. На дадзены момант аўтобусы адпраўляюцца», – заявіў Дарыюш Сяніцкі.

Памежная ахова Польшчы патлумачыла «Белсату», што затрымкі ў працы памежнага пераходу зьвязаныя са спробамі нелегальнага пераходу мяжы:

Міграцыйны ціск на ўчастку мяжы з Беларусьсю, што ахоўваецца памежным пунктам у Тарэспалі, прыводзіць да пэрыядычнай неабходнасьці перанакіраваныя часткі супрацоўнікаў на выкананьне задач, зьвязаных зь непасрэднай аховай зялёнай мяжы, што зьяўляецца абсалютным прыярытэтам. Такім чынам, праз спробы нелегальнага пераходу мяжы на абслугоўваньне пераходу ў памежнікаў проста бракуе рэсурсу, кажуць яны.

Паводле чату беларусаў, якія пішуць аб сытуацыі на межах, у 14.17 польскія памежнікі запусьцілі два аўтобусы на ўезд у Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Растуць чэргі на выезд зь Беларусі ў Эўразьвяз — цяпер у іх 1675 легкавікоў, большасьць на мяжы з Польшчай

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.