Ганна была ня толькі пісьменьніцай – яна займалася асьветай, дапамагала сялянам, запісвала народныя рэцэпты і перадавала досьвед гаспадыні.
Гэта ня проста кніга з хатнімі парадамі. Гэта багатае і мудра ўкладзенае выданьне, дзе пераплятаюцца ўласны досьвед аўтаркі, народныя традыцыі і веды з розных краінаў. Тут ёсьць усё: ад кулінарных рэцэптаў і парадаў у жывёлагадоўлі да дробных хатніх хітрыкаў і рэцэптаў прыгажосьці.
Сёньня мы прыгледзімся да старажытных парадаў пра барацьбу са сьпёкай. У ХІХ стагодзьдзі не было электрычных лядоўняў і маразільных камэраў, а лёд трэба было рыхтаваць загадзя. Але ў Літоўскай гаспадыні заўсёды было выйсьце — крэатыўнае, нечаканае, а часамі нават дзіўнае.
Лёд у тыя часы нарыхтоўвалі з самой зімы. Яго выразалі з рэк вялікімі блёкамі, якія называлі «кабаны». Кабаны захоўвалі ў ледніках — спэцыяльных ямах або будынках, дзе лёд укладвалі пластамі і перасыпалі саломай, пілавіньнем ці сенам для ізаляцыі. Такі лёд можа захоўвацца да лета і выкарыстоўвацца для астуджэньня прадуктаў і напояў.
А як быць, калі лядоўні няма? Калі трэба надоўга захаваць рыбу ці птушку, Гаспадыня раіць зрабіць шчыльную драўляную скрыню з накрыўкай і паставіць яе ў лёд. Унізе маюць быць дзірачкі, каб холад трапляў усярэдзіну. У скрыню кладуць лёд, пасыпаюць яго сольлю, зьверху — трохі саломы і чыстую тканіну. Тады можна ўкладваць сьвежую рыбу ці птушку. Таксама кніга падказвае: каб прадукты даўжэй не псаваліся, іх варта добра астудзіць адразу пасьля забою. Дзічыну лепш напхаць ігліцай і пакласьці так, каб адна птушка не дакраналася да другой.
Калі трэба пераслаць жывую рыбу ўлетку, Гаспадыня рэкамэндуе зрабіць драўляную скрыню зь дзірачкамі і выслаць яе мокрым мохам. Пад шчэлепы рыбе пакласьці мокрую губку, змочаную віном. Зьверху рыбу таксама накрываюць мохам. Скрыню зачыняюць, але пакідаюць вэнтыляцыю. Каб рыба не памерла, скрыню варта часта абліваць вадой ці нават апускаць у раку, калі едзеце міма.
Калі вы пераймаецеся, што вашае мяса ці сала сапсуецца ў гарачыя дні, нататкі Гаспадыні падказваюць: трымаць яго ў кіслым піве, сыроватцы ці малацэ. Толькі не забывайце мяняць вадкасьць кожныя некалькі дзён.
І ўрэшце — два рэцэпты ад Гаспадыні, якімі можна скарыстацца нават у нашыя часы:
- Калі хочаце зрабіць хатні ліманад, з чатырох цытрынаў трэба сьцерці цэдру на цукар, заліць трыма бутэлькамі кіпню і даць настаяцца. Тым часам ачысьціце цытрыны ад белай скуркі, нарэжце кружкамі, выдаліце костачкі і разатрыце лыжкай. Сок працадзіце праз сурвэтку, дадайце ў настой з цэдрай, усыпце паўфунта (каля 200 г) цукру. Калі цукар распусьціцца і напой астыне, працадзіце яго, дайце пастаяць гадзіну, каб адстаяўся, потым разьліце ў бутэлькі і пастаўце на лёд.
- Калі хочаце прыгатаваць шарбет з братак, вазьміце пялёсткі братак і настойце іх у кіпячым сыропе. Затым працадзіце праз сіта і дадайце трохі цытрынавага соку. Атрыманы настой астудзіце і пастаўце на лёд, каб атрымаўся пяшчотны шарбет.
Таксама ў «Літоўскай гаспадыні» былі б’юці-парады. З тых часоў касмэталёгія зрабіла вельмі шмат крокаў уперад, таму мы ня раім успрымаць гэтыя лайфхакі сур’ёзна.
Ілюстрацыйнае фота
Як пазбавіцца загару? Парада з XIX стагодзьдзя.
- Калі вы правялі зашмат часу на сонцы і трэба хутка пазбавіцца загару, можна нанач некалькі разоў абмыцца густым кіслым малаком. Змываюць яго, пакуль цалкам не засохне, а тады або паўтараюць абмываньне малаком, або адкладаюць гэта на наступны дзень, але адразу націраюць твар разжаванай міндалінай.