Літва абвінаваціла беларускіх памежнікаў у парушэньні мяжы

Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства замежных спраў Літвы 6 чэрвеня ўручыла прадстаўніку амбасады Беларусі «ноту рэзкага пратэсту» у сувязі з зафіксаваным парушэньнем літоўскай мяжы беларускімі памежнікамі.

Паводле інфармацыі зьнешнепалітычнага ведамства Літвы, ад уладаў у Менску запатрабавалі «як мага хутчэй даць тлумачэньне па гэтым інцыдэнце і зрабіць усе неабходныя захады для таго, каб у будучым такія выпадкі не паўтараліся».

Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы паведаміла 5 чэрвеня, што напярэдадні ўвечары супрацоўнікі заставы Юргіса Кібартаса Віленскага памежнага атрада «назіралі за трыма беларускімі памежнікамі, якія ішлі ўздоўж мяжы на баку Беларусі».

«Лінія мяжы ў гэтым месцы абазначаная цэнтральным паліганамэтрычным слупом, па абодва бакі якога ўсталяваныя дзяржаўныя памежныя знакі, — гаворыцца ў паведамленьні. — Крыху далей углыб літоўскай тэрыторыі разьмешчаны фізычны бар’ер — плот з «канцэрцінаю» (загарода з калючага дроту з вострымі лёзамі. —"Позірк".), прызначаны для абароны ад незаконнай міграцыі«.

«Паводле папярэдніх зьвестак, падчас гэтага патруляваньня магло адбыцца перасячэньне мяжы на літоўскі бок да 2 мэтраў з хуткім вяртаньнем назад у Беларусь», — сьцьвярджала САДМ.

Было заяўлена, што Віленскі памежны атрад зьбірае матэрыялы і ўдакладняе абставіны здарэньня. Вырашаецца пытаньне пра «пачатак дасудовага расьсьледаваньня па факце незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы».

У ліпені і жніўні 2023 года Дзяржпагранкамітэт Беларусі паведамляў пра кароткачасовыя парушэньні мяжы адпаведна літоўскім памежнікам і аўтобусам САДМ. Першы выпадак быў прызнаны літоўскім бокам, паводле меркаваньня якога, неспрактыкаваны на той момант памежнік мог заступіць за лінію мяжы «з неасьцярожнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На літоўска-беларускай мяжы шквал валіў гонкія хвоі як запалкі. ВІДЭА