Пра гэта паведамляе Reuters.
У суботу сутыкненьні фэдэральных агентаў зь некалькімі сотнямі пратэстоўцаў адбыліся ў раёне Парамаўнт на паўднёвым усходзе Лос-Анджэлеса, некаторыя ўдзельнікі дэманстрацыі несьлі сьцягі Мэксыкі. На кадрах зь месца падзей у раёне Парамаўнт бачныя дзясяткі супрацоўнікаў Службы іміграцыі і мытнага кантролю (ICE) у зялёнай форме і адгазьніках на дарозе, заваленай перакуленымі вазкамі. Падчас разгону пратэстаў ужываўся сьлезацечны газ.
Другая акцыя, якая адбылася ў суботу ўвечары ў цэнтры горада, сабрала каля 60 чалавек, якія скандавалі: «ICE, прэч з Лос-Анджэлесу!».
Пратэстовец з мэксыканскім сьцягам у горадзе Парамаўнт 7 чэрвеня 2025 году
Паліцыя Лос-Анджэлесу паведаміла ў сацыяльнай сетцы X, што «некалькі чалавек затрыманыя за адмову разысьціся пасьля шматразовых папярэджаньняў».
Першая хваля пратэстаў пачалася ў пятніцу ўвечары пасьля таго, як супрацоўнікі ICE правялі рэйды ў Лос-Анджэлесе і затрымалі больш як сорак чалавек паводле падазрэньня ў парушэньні іміграцыйнага заканадаўства.
Белы дом паведаміў, што Трамп падпісаў прэзыдэнцкі мэмарандум пра адпраўку ў Лос-Анджэлес падразьдзяленьняў Нацыянальнай гвардыі «для навядзеньня парадку і ліквідацыі беззаконьня, якому дазволілі ўкараніцца».
На сваёй плятформе Truth Social Трамп напісаў:
«Калі Ньюсам і мэр Лос-Анджэлесу Карэн Бас ня могуць даць рады сваім абавязкам, фэдэральны ўрад умяшаецца і вырашыць праблему БЕСПАРАДКАЎ І МАРАДЭРСТВА – як гэта і павінна быць!!!»
Пазьней, у чарговым паведамленьні, Трамп падзякаваў Нацыянальнай гвардыі «за выдатную працу» па спыненьні беспарадкаў і заявіў, што ўдзельнікам дэманстрацый надалей будзе забаронена насіць маскі на твары.
Пратэсты адлюстравалі жорсткае супрацьстаяньне паміж адміністрацыяй Трампа, якая вядзе жорсткую барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, і ўладамі Лос-Анджэлесу, дзе жыве значная колькасьць лацінаамэрыканцаў і выхадцаў з-за мяжы.
Губэрнатар Каліфорніі дэмакрат Гэвін Ньюсам назваў рашэньне накіраваць у Лос-Анджэлес 2000 байцоў Нацыянальнай гвардыі «наўмысна правакацыйным». У сацыяльнай сетцы X ён заявіў:
«Трамп накіроўвае нацыянальную гвардыю не праз недахопу паліцыі, а дзеля відовішча. Не паддавайцеся. Ніякага гвалту. Толькі мірны пратэст».
Супрацоўнікі праваахоўных органаў падчас пратэстаў 7 чэрвеня ў Комптане, штат Каліфорнія
Ньюсам таксама назваў «псыхічным зрывам» выказваньні міністра абароны пра гатоўнасьць накіраваць на вуліцы Лос-Анджэлесу часткі рэгулярнана войска ЗША для дзеяньняў супраць уласных грамадзян.
Прэзыдэнт Трамп раней абяцаў правесьці маштабную дэпартацыю нелегальных імігрантаў і цалкам перакрыць паўднёвую мяжу ЗША. Паводле зьвестак Белага дому, ICE атрымала заданьне праводзіць ня менш за 3000 затрыманьняў штодзень.
Аднак крытыкі Трампа заяўляюць, што падчас рэйдаў затрымліваюць ня толькі нелегалаў, але і людзей з законным правам знаходзіцца ў ЗША, уключаючы ўладальнікаў віду на жыхарства. Гэтыя выпадкі ўжо сталі прадметам судовых разьбіральніцтваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША скасоўваюць часовы статус абароны для афганцаў. Тысячы людзей могуць сутыкнуцца з дэпартацыяй і перасьледам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартацыя, адмова ў грамадзянстве нованароджаным? Што цяпер можа пагражаць беларусам у ЗША