«Мамін абутак. Я дарос — і цяпер ён мой». Гісторыя Рамана, які выжыў падчас расейскага ўдару па Віньніцы, а ягоная мама загінула

10-гадовы Раман Алексеў са Львова завяршае навучаньне ў школе і плянуе канікулы. Хлопца моцна параніла 14 ліпеня 2022 году ў Віньніцы падчас расейскага ракетнага абстрэлу. Ягоная мама загінула

35 апэрацыяў, доўгае лекаваньне і аднаўленьне ў Нямеччыне, рэабілітацыя, якая працягваецца, — столькі перажыў 10-гадовы Раман Алексеў зь Львова за амаль тры гады. Раніцай 14 ліпеня 2022 году расейскае войска тройчы ўдарыла ракетамі па цэнтры Віньніцы. Там, у гарадзкой паліклініцы, якраз былі Раман з мамай Галінай, якія прыехалі ў госьці да бабулі зь дзядулем. Раман выжыў цудам.

Журналістка Ўкраінскай службы Радыё Свабода Галіна Церашчук апавядае ягоную гісторыю.

Ад тых ракетных удараў у Віньніцы загінулі трое дзяцей і 24 дарослыя, сярод іх і 29-гадовая маці Рамана Галіна Алексева. Сам Раман выжыў, але атрымаў апёкі 45% цела, прычым 35% — унутраныя апёкі, настолькі вялікія, што месцамі сягалі нават костак. У Рамана абгарэў твар, рукі, ногі, дыхальныя шляхі. Да ўсяго — у чэрапе захрасьлі тры аскепкі і зламаная рука.

Хлопчыка эвакуавалі зь Віньніцы ў Львоў, а пасьля — у нямецкі Дрэздэн. Два гады ён насіў кампрэсійную маску на галаве і твары.

Сёньня Раман ходзіць у львоўскую школу, займаецца танцамі і музыкай. Вясной ён перамог на міжнародным конкурсе баяністаў-акардэаністаў. Ягоны тата Яраслаў — сам баяніст, пэдагог і кампазытар. Выкладала і грала на акардэоне і ягоная маці Галіна.

Сям’я Алексевых — Галіна, Яраслаў і сын Раман

Пра мары і рэаліі

«О божа, які ты стаў высокі», — вітае Рамана ягоны фізыятэрапэўт. Дый памер нагі ў хлопца ўжо 38-ы. Гэткі ж быў і ў ягонай маці. Раман прыйшоў у маміных красоўках: «Мамін абутак. Я дарос — і цяпер ён мой».

Бацька Рамана кажа, што яны размаўляюць з сынам пра ўсё, што той перажыў. Забароненых тэмаў ці пытаньняў няма.

Апошняе фота з мамай

«Мяне не было там падчас трагедыі, а ён за першыя паўгоду ўсё выгаварыў. Ён штораніцы ўставаў каля пятай гадзіны і пачынаў апавядаць, што здарылася, як яны заходзілі, як адбыўся прылёт ракеты, як ён выбраўся», — расказвае Яраслаў Алексеў.

«Бабах — мяне адкінула ў сьценку. Я ўстаю, бачу, што ўсё гарыць, нічога не відаць — толькі сьвятло, дзе выхад. І я пайшоў наперад. Скакаў па камянях, не адчуваў левай рукі і правай нагі. Трошку ішоў, трошку поўз, трошку прысядаў. Так і дайшоў», — апавядаў журналісту ўкраінскага Радыё Свабода пра той жахлівы дзень Раман у 2023 годзе.

Шчырая размова пра цяжкае

Шчырасьць Рамана і поўны давер да бацькі дапамагаюць хлопцу акрыяць, лічыць Яраслаў Алексеў. А паўтарэньне ўспамінаў дазваляе з кожным разам успрымаць іх менш балюча.

«Гэтаксама і размовы пра маму. Калі пастаянна гаворым пра маму, то спакойна згадваем добрыя моманты, якія ў нас былі. І гэта, наадварот, прыемна. І для яго гэта як нейкі праменьчык цеплыні і ўспамінаў пра маму. І гэта важна прагаворваць. Нельга проста маўчаць. Мы пастаянна езьдзім да мамы на могілкі, практычна празь дзень там бываем. Ён прыходзіць, ставіць сьвечку, пасядзім трошку й ідзём дахаты. То бок гэта нашае такое жыцьцё, без утойваньняў», — тлумачыць Яраслаў Алексеў.

Першыя тры дні пасьля раненьня Раман ляжаў у рэанімацыі ў Віньніцы. Бацька ў гэты час разрываўся між пахаваньнем жонкі і цяжкапараненым сынам.

Пасьля пераезду ў Дрэздэн яны з татам першыя месяцы жылі ў шпіталі, дзе адна за адной ішлі апэрацыі.

У адмысловай масцы Раман хадзіў амаль два гады

Амаль два гады Раман хадзіў у адмысловай масцы, якая бараніла скуру і не давала ўтварыцца рубцам.

«Спачатку яму было нязручна, маска была незразумелай для яго. Людзі збоку глядзелі і не разумелі. Усім трэба было тлумачыць. І яму давялося звыкнуцца з гэткім стаўленьнем да яго ў гэтай масцы. А потым, як прайшоў час, ён прызвычаіўся, і яму ўжо было нават нязручна безь яе. Але, калі ён маску зьняў, вядома, яму стала лягчэй, асабліва ўлетку», — кажа Яраслаў Алексеў.

Бацька апавядае, што Раман хацеў вярнуцца зь Нямеччыны, бо яму там было эмацыйна цяжэй:

«Тут ён адчуў спакой, шчасьлівы. Любіць школу, там у яго шмат сяброў. Мы можам пайсьці ці паехаць да дзядуляў і бабуляў. Усе поруч, дапамагаюць. І гэта для яго важна. У яго тут зіхцяць вочы».

Апроч навучаньня ў школе, хлопчык грае на баяне і займаецца танцамі. Гэта добрая рэабілітацыя для рук і ног.

«Фізычна на баяне трэба прыкласьці намаганьне і таксама трэба думаць, што граць, і ты адначасова цягнеш, каб гук быў, каб паветра ішло, і гэта таксама мне добра для левай рукі, — тлумачыць Раман. — Проста ў мяне быў пералом і ён загаіўся, там штыры ставілі мне і шмат чаго іншага. А з правага боку трошку горш, бо я не магу падняць ступак. І з правай рукой у мяне таксама — пальчыкі, яны ня могуць надта моцна рухацца. То бок сілы няма такой».

Таму ў яго працягваецца рэабілітацыя. Штодзённы графік заняткаў даволі шчыльны, яго цяжка вытрымліваць. Балазе неўзабаве вакацыі, і яны паедуць адпачыць у Віньніцу.

А ў ліпені яны будуць у Лёндане на прэзэнтацыі фільму пра Рамана і ўкраінскіх дзяцей, якія пацярпелі ад вайны.

На пытаньне, чаму яго за гэты час навучыў сын, Яраслаў адказвае:

«О, ён шмат чаму навучыў. Ён заўсёды кажа — не здавацца. Гэта яго такая каронная фраза. Ён шмат такіх дарослых рэчаў часам кажа, што я нават уражаны, што ён стаў такім дарослым чалавекам. Я яго спачатку ўспрымаў як дзіця, а цяпер як сапраўднага свайго сябра, падтрымку для сябе. І яшчэ ён заўсёды бярэ на сябе шмат абавязкаў. У свае 10 гадоў Ромчык дужа дарослы».

Раман разумее, што гутарыць з журналістамі, наведваць імпрэзы і сустрэчы — гэта і ягоная дзіцячая адказнасьць, каб расказаць сьвету пра вайну ва Ўкраіне. Бо ён адзін з шматлікіх украінскіх дзяцей, якія пацярпелі ў расейска-ўкраінскай вайне, пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў.

Раман чакае вакацыяў, каб набегацца, пабавіць час зь сябрамі, павандраваць. Марыць змайстраваць машыну. А ягоны бацька марыць, каб сын быў чалавекалюбным, добрым і шчасьлівым.

Лекары кажуць, што Раману давядзецца рабіць плястычныя апэрацыі да 18 гадоў, каб карэктаваць шнары ў часе росту скуры. Але пры гэтым хлопчык павінен адчуваць дзяцінства, адпачываць ад шпіталёў і апэрацыяў, кажа бацька Рамана.

14 ліпеня 2022 году расейскія войскі абстралялі ракетамі Віньніцу. Загінулі 26 людзей, сярод іх трое дзяцей. Яшчэ адзін чалавек памёр ад ранаў пазьней.

Будынак у цэнтры Віньніцы, у які трапіла ракета

Паволе генэральнай пракуратуры Ўкраіны, на 26 траўня 2025 году ва Ўкраіне 630 дзяцей загінулі і 1960 атрымалі раненьні ў выніку ўзброенай агрэсіі Расеі.

Пашкоджаны вазок 4-гадовай Лізы Дзьмітрыевай, якая загінула ад расейскай ракеты ў Віньніцы 14 ліпеня 2022 году

Пасьля ракетнага ўдару па Віньніцы ў 2022 годзе расейскі бок тройчы мяняў сваю вэрсію прычын атакі. Украіна называе гэты ўдар ваенным злачынствам Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў Пуціна «абсалютным вар’ятам» і папярэдзіў пра «падзеньне» Расеі