У Беларусі вырасла статыстыка дзіцячай сьмяротнасьці. Пра гэта расказаў пракурор Генэральнай пракуратуры Раман Сідарэнка, які займаецца справамі непаўналетніх.
Сёлета за пяць месяцаў у Беларусі загінулі 44 дзіцяці, за такі ж пэрыяд летась — 42. На першым месцы сярод прычын гібелі сёлета — суіцыды. Іх зафіксавалі 13. Дзесяць дзяцей загінулі ў дарожных аварыях, чацьвёра патанулі, яшчэ чацьвёра разьбіліся пры падзеньні з вышыні, памерлі на пажарах трое дзяцей. Яшчэ ў дзевяці выпадках — «іншыя прычыны».
«Часта складаныя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, небясьпечнае выкарыстаньне інтэрнэт-рэсурсаў, канфліктныя сытуацыі ў сям’і і школе, непаразуменьне, адзінота прыводзяць дзяцей да непераадольнай роспачы і становяцца прычынай страшных трагедыяў», — адзначыў пракурор.
Агулам узровень самагубстваў незалежна ад узросту ў Беларусі за апошнія 20 гадоў зьнізіўся. У пачатку 2000-х суіцыдаў было больш за 20 выпадкаў на 100 тысяч чалавек, у 2024 годзе — адпаведна 6,5 выпадку, то бок прыкладна ў 3-4 разы менш. Аднак пры гэтым летась павялічылася колькасьць парасуіцыдаў (няскончаных суіцыдаў) сярод падлеткаў: 2816 выпадкаў за першыя паўгоду 2024 году.
У першай палове 2024 году на 40% вырасла колькасьць самагубстваў сярод дзяцей і падлеткаў: іх зарэгістравалі 18. За ўвесь 2023 год іх было 19. Суіцыды памаладзелі. Ва ўзросьце 10 гадоў летась самі пайшлі з жыцьця двое дзяцей.
Часта дзеці гінулі ад іншых прычын — калі заставаліся без нагляду бацькоў або наўпрост ад дзеяньняў дарослых.
Сёлета чатырохгадовы хлопчык з Мазыра выпаў зь дзявятага паверху, калі яго маці заснула. У Менску паўтарагадовае дзіця забралася на крэсла і выпала з 15 паверху, калі маці ненадоўга выйшла ў суседні пакой. У Магілёве хлопчык 2023 году нараджэньня разьбіўся пры падзеньні зь пятага паверху. Усіх гэтых дзяцей не ўдалося ўратаваць. Сёлета здараліся выпадкі, калі малыя дзеці падалі з чацьвертага або пятага паверху і выжывалі.
У канцы траўня ў лабавым сутыкненьні Audi з фурай у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця, якое ехала ў легкавым аўтамабілі. Кіроўца фуры быў п’яны. Ён зьехаў зь месца аварыі, але пазьней яго затрымалі. У Віцебскай вобласьці ў студзені загінула паўтарагадовая дзяўчынка, якая ехала разам з бацькамі ў легкавым аўтамабілі. Кіроўца ўвечары ня даў рады кіраваньню, машыну занесла, яна перакулілася і вылецела ў кювэт. У Менску ў студзені вечарам маладая кіроўца зьбіла насьмерць 8-гадовага хлопчыка на нерэгуляваным пераходзе.
У канцы траўня ў Віцебскай вобласьці на лецішчы ў сажалцы патануў сямігадовы хлопчык. У Пінску дзяўчынка 2024 году нараджэньня патанула дома ў ваньне.
У траўні ў Ельску Гомельскай вобласьці ў шпіталі пры незразумелых абставінах памерла 14-гадовая дзяўчына. Яна чатыры дні лячыла кашаль і боль у горле дома. Лекары параілі шпіталізацыю. Аднак праз 2,5 гадзіны пасьля паступленьня ў шпіталь бацькам паведамілі, што дачка запала ў кому. Яна памерла. Міністэрства здароўя расьсьледуе гэты выпадак.
Праблемы ў адносінах
Настаўніца адной зь беларускіх школаў Наста* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) падзялілася назіраньнем, што дзіцячых самагубстваў сапраўды стала больш. На пэдагагічнай нарадзе настаўнікам яе школы паведамілі, што сярод прычын на першым месцы праблемы ў адносінах паміж дзецьмі і бацькамі, далей — нешчасьлівае каханьне, праблемы з пасьпяховасьцю і цкаваньне.
«Плюс цяпер кожнае наўмыснае калецтва — парэзы, шнары — таксама адносяць да суіцыдальных паводзінаў і працуюць з гэтымі дзецьмі асобна. Мэдыкі пры аглядзе абавязаныя апавяшчаць міліцыю і школу, калі нешта заўважылі», — кажа настаўніца.
З словаў суразмоўцы, пэдагогі штогод запаўняюць шкалу ацэнкі суіцыдальнай рызыкі для кожнага дзіцяці зь 10 гадоў. Яны фіксуюць спробы суіцыдаў, ацэньваюць узровень дэпрэсіі, трывожнасьці, пазначаюць, ці ўжывае падлетак алькаголь і наркотыкі, апісваюць асабістыя рысы дзіцяці, зьвяртаюць увагу на асаблівасьці сям’і, на складаныя падзеі ў жыцьці.
Бацькам школьнікаў, працягвае Наста, клясныя кіраўнікі раздаюць пад подпіс памяткі аб прафіляктыцы суіцыдальных паводзінаў. Сярод магчымых прычын суіцыдаў там называюць непаразуменьне з бацькамі, жорсткае стаўленьне да дзіцяці, недахоп грошай, рост нагрузкі на школьніка, алькагалізм і наркаманію ў атачэньні падлетка.
Бацькам раяць зьвяртаць увагу на рэзкія зьмены ў паводзінах падлетка, каб не прапусьціць памкненьня забраць сабе жыцьцё. Парады — цікавіцца жыцьцём падлетка, уважліва яго слухаць, ставіцца сур’ёзна да таго, што ён кажа, пры патрэбе зьвяртацца да спэцыялістаў, псыхолягаў.
Псыхоляг Натальля (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля ейнай бясьпекі. — РС) патлумачыла, што няшчасныя выпадкі, якія заканчваюцца сьмерцю дзяцей, зьвязаныя з узростам. Калі казаць пра маленькіх дзяцей, то часта іхная гібель зьвязаная зь недаглядам бацькоў, якія, прыкладам, пакідаюць адчыненымі вокны.
«Бацькі, па-першае, часта недаацэньваюць здольнасьць дзяцей кудысьці забрацца, нешта на сябе сьцягнуць. Па-другое, гэта адчуваньне фальшывай бясьпекі: калі ў мяне нацягнутая сетка ад камароў, то яна павінна вытрымаць і вагу 15-кіляграмовага дзіцяці. Не, так не працуе», — кажа суразмоўца.
У падлеткаў часьцей выступаюць псыхалягічныя прычыны. Ім уласьцівыя рызыкоўныя паводзіны, тлумачыць псыхоляг.
«Падлеткі ў культурнай і біялягічнай эвалюцыі скіраваныя на тое, каб прайсьці ініцыяцыю — небясьпечныя сытуацыі, якія пераводзяць зь дзяцінства ў стан даросласьці. Пры гэтым ва ўзросьце 12-15 гадоў яшчэ ня цалкам сфармаваны мозг, а менавіта сувязі паміж аддзеламі мозгу, якія маюць ацэньваць небясьпеку, наступствы ўчынкаў», — кажа Натальля.
Атрымліваецца дысананс паміж фізычным і псыхалягічным. Падлетак выглядае ўжо амаль як дарослы чалавек, вялікага росту, у яго шмат фізычных магчымасьцяў кудысьці забрацца, ускараскацца, але яшчэ няма належнага ўяўленьня, чым гэта можа скончыцца, дадае экспэртка.
«Я не хачу жыць вось так»
Наконт суіцыдаў псыхоляг патлумачыла, што асноўная ідэя людзей у кожным узросьце, якія хочуць учыніць самагубства, — не «хачу памерці», а «не хачу жыць так, як жыву».
«Калі гэта пра дзяцей, значыць, з такімі дзецьмі адбываецца нешта, з чым яны ня могуць самі даць рады. Адпаведна ўзьнікае жаданьне: я не хачу жыць вось так. А як жыць па-іншаму, як гэта выправіць без суіцыду, няма ўяўленьня, ведаў, досьведу на гэтую тэму», — заўважае Натальля.
Задача дарослых, паводле яе, — не ствараць для дзяцей такіх умоваў, каб у іх узьнікалі думкі пра нежаданьне жыць.
«Гэта задача дарослых — навучыць дзяцей даваць рады выклікам, якія жыцьцё ім падкідвае. Ёсьць нарматыўныя выклікі, як першае каханьне. Я яго кахаю, ён мяне не кахае, уся гэтая драма. Або адзнакі ў школе, перажывае. Добра было б дарослым пра гэта паразважаць, якое жыцьцё і якое самаадчуваньне сваіх дзяцей яны ствараюць сваімі паводзінамі», — кажа суразмоўца.
Псыхоляг адзначае, што большы доступ да інтэрнэту, да інфармацыі ў сучасных падлеткаў толькі другасна можа паўплываць на рашэньне ўчыніць самагубства. Паводле яе, сказаць, што дзіця ўчыніла самагубства, бо паглядзела адпаведны ролік ці нешта прачытала на форуме, — нонсэнс.
«Першаснае — жаданьне пайсьці з жыцьця або нежаданьне жыць вось так. Калі ў мяне ўсё добра, мяне любяць бацькі, я адчуваю сябе не самотным, а зразумелым, прынятым, любімым, то я магу прачытаць трыста формулаў, як людзі сябе забіваюць, і сказаць: „дурныя, што так робяць“. Або мне ня будзе цікавая гэтая тэма наагул. Я не пайду ў інтэрнэт шукаць, як сябе забіць, калі ў мяне ўсё добра», — тлумачыць знаўца.
І дзеці, і дарослыя, адзначае псыхоляг, не ўсьведамляюць уласнай сьмяротнасьці, хоць тэарэтычна ведаюць, што кожны чалавек памрэ.
«Гэты досьвед нам ніяк не дасяжны, мы ня ведаем, што гэта такое. Гэта крыху па-за межамі нашага ўспрыняцьця і нашай рэальнасьці. Мы верым і ня верым адначасова», — зьвяртае ўвагу яна.
Натальля пераказвае дасьледаваньні стану падлеткаў, якія спрабавалі забіць сябе, але выжылі.
«У іх пытаюцца: „А што ты хацеў? Як ты сабе гэта ўяўляў?“ — „Вось я ляжу ў труне, а ўсе вакол плачуць, кажуць, які ён быў добры, а мы дрэнна да яго ставіліся“. Інтэрвіюер пытаецца: „А далей што?“ А далей усё, фантазія не ідзе далей. Чалавек не ўсьведамляе, што ён штосьці робіць і гэта сапраўды можа быць вельмі канчатковым рашэньнем ува ўсіх сэнсах», — кажа яна.
Форум