Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская спэцслужба адрэагавала на лісты з пагрозамі беларусам, напісаныя нібыта ад яе імя


Супрацоўнікі ABW, архіўнае фота
Супрацоўнікі ABW, архіўнае фота

«Дэзынфармацыя з мэтай выклікаць грамадзкі неспакой»,— так назвалі правакацыйныя лісты беларусам ў польскім Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Прэсавая служба польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) пракамэнтавала «Белсату» рассылку лістоў нібыта ад яе імя некалькім беларусам у Польшчы з патрабаваньнем тэрмінова пакінуць краіну. У спэцслужбе назвалі такія паведамленьні дэзынфармацыяй.

У ABW пацвердзілі факт «фальшывай карэспандэнцыі, нібыта падпісанай намесьнікам начальніка Агенцтва ўнутранай бясьпекі, адрасаванай іншаземцам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча».

«Ніводзін з выяўленых лістоў ня мае прыкметаў афіцыйнага ліста, і, акрамя таго, яны зьмяшчаюць спасылкі на састарэлыя ці неабавязковыя правілы», — гаворыцца ў адказе.

Ведамства паінфармавала адрасатаў аб тым, што атрыманая імі карэспандэнцыя не паходзіць ад Агенцтва ўнутранай бясьпекі і што адпраўка любых лістоў наконт адміністрацыйных пастановаў, якія датычаць іншаземцаў, не ўваходзіць у кампэтэнцыю агенцтва, — сказана ў камэнтары.

«Вышэйназваныя дзеяньні ёсьць дэзынфармацыяй і могуць мець на мэце выклікаць грамадзкі неспакой», — гаворыцца ў адказе.

Раней стала вядома, што 22 і 23 траўня прынамсі два беларусы ў Польшчы — у Гданьску і Варшаве — атрымалі лісты нібыта ад імя спэцслужбы з патрабаваньнем пакінуць краіну. У лістах, падпісаных нібыта намесьнікам начальніка ABW, гаворыцца, што адрасату анулявалі ягоны дазвол на жыхарства празь ягоную незаконную дзейнасьць у Польшчы і што яму трэба пакінуць краіну цягам 10 дзён, інакш яго пагражаюць прымусова выслаць у Беларусь.

Абодва лісты з аднолькавым зьместам, у іх не было ніякіх асабістых зьвестак атрымальнікаў. Лісты адпраўленыя зь Нямеччыны 14 траўня. Адпраўнік не пазначаны. У абодвух выпадках атрымальнікі лістоў — людзі, якія вядуць камэрцыйную дзейнасьць, таму іхныя адрасы і грамадзянства можна адшукаць у адкрытым доступе.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG