Пра гэта паведаміў міністар інфармацыі Беларусі Марат Маркаў, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На думку Маркава, маўляў, «інфармацыйная вайна ў Беларусі працягваецца і нават узмацняецца»:
«Міністэрства інфармацыі сумесна з праваахоўнымі органамі ўжо абмежавала дзейнасьць 18 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, з іх амаль 7 тысяч прызнаныя экстрэмісцкімі. Толькі летась іх заблякавалі больш за 3,15 тысячы. І за пяць месяцаў 2025-га мы гэтай лічбы ўжо дасягнулі», — заявіў Маркаў.
Паводле міністра, кнігі ў Беларусі таксама забараняюць.
«110 кніг мы ўжо прызналі шкоднымі для нашых дзяцей. Яны наўпрост зьяўляюцца крыніцай прапаганды гвалту, жорсткасьці, парнаграфіі, ужываньня наркотыкаў», — сказаў Маркаў.
- Пасьля задушэньня маштабных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткасьці сілавікоў рэжым Лукашэнкі стаў мэтадычна зьнішчаць непадкантрольную яму частку мэдыясэктару.
- Асноўныя незалежныя мэдыя былі разгромлены, многія іх супрацоўнікі трапілі пад крымінальны перасьлед ці мусілі пакінуць краіну, ратуючыся ад рэпрэсіяў, і спрабаваць аднавіць працу за мяжой.
- Дзейнасьць і матэрыялы незалежных СМІ мэтадычна абвяшчаюць «экстрэмісцкімі», за супрацу зь імі пагражае крымінальная адказнасьць.
- На 6 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязьнямі 1175 чалавек, сярод іх 39 журналістаў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум