Раней колькасьць супрацоўнікаў розных падразьдзелаў Беларускай чыгункі (БЧ) адкрыта публікавалася як на рэсурсах самой арганізацыі, так і на іншых сайтах. Аднак пасьля 2020 году статыстыку засакрэцілі.
Як піша «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», калі параўноўваць паказьнікі колькасьці ўсяго пэрсаналу БЧ без уліку неасноўнай дзейнасьці, то з 2021 году па пачатак 2025 году агульная колькасьць работнікаў скарацілася на 4427 чалавек.
Параўнальныя даныя аб агульнай колькасьці работнікаў БЧ (выключаючы неасноўны від дзейнасьці) складалі: у 2021 годзе — 62 517 чалавек, а ў 2025 годзе — 58 090 чалавек.
Успамінаючы сваю публікацыю ад 10 сакавіка 2023 году, прысьвечанай плянаванаму маштабнаму скарачэньню на БЧ, «Супольнасьць» прыводзіла прагнозныя зьвесткі агульнай колькасьці работнікаў на 2025 год, якія фактычна супалі з прадстаўленым значэньнем на пачатак гэтага году. Атрымліваецца, што БЧ паступова дасягае заплянаванай лічбы ў 8 тысяч скарочаных працаўнікоў, нягледзячы на ўсе абвяржэньні гэтага намеру і запэўніваньні «грамадзкасьці» у адсутнасьці такіх плянаў, адзначае рэсурс.
Колькасьць усіх арганізацый і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад аддзяленьняў БЧ, за пэрыяд з 2021 па 2025 гады зьменшылася на 3545 чалавек.
Калі б была магчымасьць падліку скарачэньняў у няпрофільных арганізацыях БЧ, маштабы скарачэньня ўражвалі бы яшчэ больш, адзначаюць прадстаўнікі «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі».
Форум