На літоўска-беларускай мяжы шквал валіў гонкія хвоі як запалкі. ВІДЭА

Кадар зь відэа літоўскіх памежнікаў

Уражальнае відэа з Варэнскага раёну, дзе праходзіць мяжа з Горадзенскім і Шчучынскім раёнамі, апублікавалі літоўскія памежнікі.

На ім моцная віхура ўвадначас завальвае ўсю дарогу высокімі здаровымі дрэвамі. І такая карціна была цягам некалькіх кілямэтраў.

Памежнікі, якія сталі сьведкамі стыхіі, не пацярпелі, бо адышліся з эпіцэнтру віхуры ў бясьпечнейшыя месцы, такія як, напрыклад, прасекі.

Але віхура кантроль за мяжой не аслабіла, рапартуюць літоўскія памежнікі, хоць невялікія тэхнічныя праблемы і былі.

Ветралом цяпер разьбіраюць працаўнікі лясьніцтва, ратаўнікі з пажарнай службы, работнікі мясцовага нацыянальнага парку і памежнікі.

Стыхія прайшлася і па Беларусі — 5 чэрвеня па Горадзеншчыне і Меншчыне, а 3 чэрвеня на Гомельшчыне вецер паламаў каля 10 стрэх і паваліў каля 140 дрэваў, якія пашкодзілі 6 аўтамабіляў. Падчас залевы легкавік у Жлобінскім раёне выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з грузавіком — тры чалавекі загінулі.

На 6 чэрвеня беларускія сыноптыкі і ратаўнікі таксама выступілі з папярэджаньнем пра навальніцы, залевы і моцны вецер ва ўсёй краіне. На паўднёвым усходзе дадасца і сьпёка — да 30–32 градусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Меншчыне зьнікала сьвятло ў 223 паселішчах. А ў сталіцы быў наймацнейшы дождж
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцныя залевы затапілі цэнтар Горадні, у Менску спыніўся транспарт