Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прыгразіў Маску «сур’ёзнымі наступствамі», калі той наважыцца фінансаваць дэмакратаў


Дональд Трамп і Ілан Маск, каляж
Дональд Трамп і Ілан Маск, каляж

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 7 чэрвеня прыгразіў Ілану Маску «вельмі сурʼёзнымі наступствамі», калі той наважыцца фінансаваць кандыдатаў дэмакратычнай партыі. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію NBC News.

Трамп не патлумачыў, што мае на ўвазе пад «наступствамі».

Ён таксама сказаў, што не зьбіраецца аднаўляць свае адносіны з Маскам, якія сапсаваліся на мінулым тыдні пасьля публічнай спрэчкі ў сацыяльных сетках.

На пытаньне, ці лічыць ён, што ягоныя адносіны з генэральным дырэктарам Tesla і SpaceX скончыліся, Трамп адказаў: «Мяркую, што так», — піша NBC News.

Канфлікт паміж былымі паплечнікамі пачаўся 5 чэрвеня, калі Дональд Трамп сказаў журналістам, што «расчараваны» ў Ілану Маску, нягледзячы на іх ранейшыя «цудоўныя» адносіны. Прычынай расчараваньня стала крытыка Маскам законапраекту аб падаткавых ільготах, які Трамп назваў «вялікім прыгожым законапраектам».

У адказ Маск напісаў, што безь яго Трамп прайграў бы выбары.

У адказ на крытыку Маскам законапраекту Трамп заявіў, што «самы просты спосаб скараціць бюджэт» — спыніць дзяржаўныя субсыдыі для кампаніяў Маска і разарваць кантракты зь імі.

«Я заўсёды дзівіўся, што Байдэн гэтага не зрабіў», — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth.

Маск жа заявіў, што SpaceX спыніць праект касьмічнага карабля Dragon, які дастаўляе астранаўтаў на МКС. Але потым адмовіўся ад гэтай заявы.

Таксама ён перапосьціў допіс іншага аўтара пра тое, што Трампу трэба абʼявіць імпічмэнт і замяніць яго віцэ-прэзыдэнтам Джэй Дзі Вэнсам.

У адным з сваіх допісаў Маск заявіў бяз доказаў, што Трамп фігуруе ў справе асуджанага за сэкс-злачынствы бізнэсоўца Джэфры Эпштэйна, які скончыў самагубствам у турме. Але потым гэты пост выдаліў.

Пасьля сваркі Трампа і Маска акцыі кампаніі Tesla ўпалі на 15% — гэта найбуйнейшае падзеньне за дзень за тры месяцы. SpaceX не таргуецца на біржы.

Тым часам NASA і Пэнтагон ужо зьвярнуліся да канкурэнтаў Маска з заклікам хутчэй распрацоўваць альтэрнатыўныя ракеты і касьмічныя караблі. Пра гэта на ўмовах ананімнасьці расказалі выданьню The Washington Post прадстаўнікі прамысловасьці і ўраду.

У траўні законапраект аб падатках і выдатках, які сам Дональд Трамп называе «вялікім і прыгожым» законам, быў прыняты Палатай прадстаўнікоў зь невялікай перавагай галасоў. У Сэнаце дакумэнт сутыкнуўся з супрацівам, у тым ліку сяброў Рэспубліканскай партыі, якая зараз мае большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэсу.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Ілан Маск падтрымліваў Дональда Трампа і выдаткаваў на яе 250 мільёнаў даляраў.

Пасьля абраньня Дональда Трампа прэзыдэнтам Маск узначаліў новы Дэпартамэнт эфэктыўнасьці ўраду (DOGE), які змагаўся за скарачэньне выдаткаў. Ён працаваў у якасьці спэцыяльнага дзяржаўнага службоўца, а ў гэтым статусе нельга займаць пасаду больш за 130 дзён у год. 30 траўня Маск пакінуў адміністрацыю Трампа.

На разьвітаньне Трамп падарыў бізнэсоўцу сымбалічны залаты ключ ад Белага дому ў знак падзякі за працу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG