Падчас гэтай апэрацыі бесьпілётнікі, загадзя сабраныя ў Расеі, былі дастаўленыя на грузавіках да расійскіх авіябаз. Затым апэратары з Украіны запускалі іх зь невялікай адлегласьці, у выніку чаго расейскае войска страціла ня менш за 11 стратэгічных бамбавікоў Ту-95 і Ту-22М.
Як піша ў сацыяльнай сетцы X OSINT-аналітык Def Mon, сьляды будаўніцтва сховаў можна пабачыць на спадарожнікавых здымках аэрадромаў Кіраўскае ў анэксаваным Крыме, а таксама ў Севастопалі, Гвардзейскім і Саках.
На тэрыторыі Расеі гэткія працы вядуцца ў Ейску, Крымску, Прыморска-Ахтарску, на авіябазе Ханская ў Адыгеі, у Мілераве, Ахтубінску, Барысаглебску, Курску і Ліпецку, а таксама на базе стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе.
Служба бясьпекі Ўкраіны ў нядзелю апублікавала новае відэа ўдару дрона па авіябазе «Белая» ў Іркуцкай вобласьці
На відэа паказаны ўзьлёт дрона з грузавіка, пралёт да авіябазы і ўдар па стратэгічным бамбавіку Ту-22М. На фоне відаць іншыя самалёты, якія ўжо палаюць пасьля атакі дронаў.
Як адзначае ўкраінскае выданьне Defense Express, відэа сьведчыць, што апэратар дрона старанна выбіраў цэль. Ён ударыў па самалёце, да кабіны якога была прыстаўленая лесьвіца — гэта сьведчыла пра тое, што ён, імаверна, падрыхтаваны да палёту.